Свята-Васкрасенскі сабор (Барысаў)
Праваслаўны храм | |
Васкрасенскі сабор | |
---|---|
| |
54°14′42″ пн. ш. 28°30′14″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Барысаў |
Канфесія | Руская праваслаўная царква |
Епархія | Мінская |
Архітэктурны стыль | Псеўдарускі стыль[1] |
Архітэктар | П. Мяркулаў, В. Струеў |
Дата заснавання | 1874 |
Будаўніцтва | 1874—1907 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000004 |
Матэрыял | цэгла |
Стан | Дзейнічае |
Сайт | borisov-spas.com |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Васкрасенскі сабор, Сабор Уваскрэшання Гасподняга — праваслаўны храм у г. Барысаве[2][3]. Знаходзіцца ў старай частцы Барысава на гандлёвай плошчы. Сабор з'яўляецца вельмі яскравым прыкладам маскоўска-яраслаўскага напрамку рэтраспектыўна-рускага стылю на Беларусі[4], прысутнічаюць прыкметы стылізацыі формаў маскоўскага царкоўнага будаўніцтва XVII стагоддзя[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да пабудовы сучаснага сабора на яго месцы знаходзілася драўляная Васкрасенская царква, збудаваная ў 1620—1648 гадах[2], якая згарэла ў 1865[4] ці 1867 годзе[3]. Пасля гэтага архітэктарам П. Мяркулавым[2] пры ўдзеле рэктара Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу Л. М. Бенуа быў распрацаваны праект новага храма — сабора ў гонар Уваскрасення Хрыстовага з чырвонай цэглы[3].
Дадзены праект быў зацверджаны па асабістым хадайніцтве мінскага епіскапа Аляксандра (Дабрыніна) . Ужо ў верасні 1871 на гандлёвай плошчы, на месцы ранейшага Спаса-Праабражэнскага храма, адбылася закладка сабора[5].
Будавалі сабор высокакваліфікаваныя муляры з Івянца, а для афармлення інтэр’еру былі запрошаныя віленскія мастакі Елішэўскі і Трутнеў . Пытаннямі фінансавання будаўніцтва і яго забеспячэннем неабходнымі матэрыяламі загадваў маршалак мясцовага дваранства Уладзімір Ярмольскі, а тэхнічнае кіраўніцтва ажыццяўляў архітэктар Сяргей Пятровіч Іваноў[6].
Асвячэнне новага сабора адбылося 20 кастрычніка 1874 года, яго ажыццявіў правялебны Аляксандр. Па дадзеных 1901, у парафіі налічвалася з гараджан 2954 мужчыны і 2966 жанчын і жыхары 9 навакольных вёсак[1]. Сабор, закрыты ў 1937 годзе, узнавіў сваю дзейнасць у час вайны[1]. У 1945 годзе быў перададзены вернікам[7].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Сабор уяўляе сабой дзевяцікупальны трохнефны трохапсідны храм з трыма прытворамі[4].
Храм з'яўляецца крыжовым у плане, цэнтральны аб'ём у плане квадратны[4]. Яго памеры наступныя — даўжыня складае 27 метраў, шырыня — 23 метра, а вышыня — 12 метраў[4]. Кубападобны асноўны аб'ём завершаны традыцыйным для праваслаўнага храмабудаўніцтва пяцікупаллем на чатырохсхільным даху, які мае ў цэнтры цыліндрычны светлавы барабан і купал-цыбуліну, а па кутах узведзены цыліндрычныя барабаны з макаўкамі. Такія ж купалы прысутнічаюць над апсідай і бакавымі прыбудовамі[2][4]. Сярод дэкаратыўных элементаў багата ўпрыгожанага фасада — какошнікі, ліштвы і (як арачных аконных, так і дзвярных праёмаў) з паўкруглымі і трохвугольнымі франтонамі, прафіляваныя карнізы, вуглавыя руставаныя пілястры, філёнгі, кантрастуючы з чырвоным киричным фонам. Для падкрэслення галоўнага арачнага ўваходу выкарыстаны вялікі партал, які выглядае прафіляванай аркай на 4 бочкападобных слупах[1][2][4].
Асаблівую ўрачыстасць і вытанчанасць вобразу сабора надае каларыстычны кантраст чырвоных цагляных сцен, упрыгожаных элементамі архітэктурнай пластыкі: вуглавымі калонамі, налічнікамі вокнаў, парталамі, кілепадобнымі какошнікамі.
Званіца
[правіць | правіць зыходнік]У 1907[8] годзе перад храмам на адной восі з ім узведзена цагляная званіца, створаная з цэглы ў стылі самога храма па праекце архітэктара В. Струева. Званіца, якая ўяўляе сабой вежападобны шатровы будынак, з'яўляецца трох'яруснай — васьмярык на двух чацверыках — і завяршаецца макаўкай. Першы ярус займае брама[1][7][9]. У ліку іншых званіца сведчыць аб добрым веданні Струевым народнага дойлідства і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі[10].
Інтэр'ер
[правіць | правіць зыходнік]Унутраная прастора, якая асвятляецца двума радамі аконных праёмаў, падзелена чатырма магутнымі слупамі на 3 нефы, перакрытых крыжовымі скляпеннямі. Тыя ж чатыры слупы пры дапамозе парусаў падтрымліваюць светлавы барабан са сферычным купалам[2][4], што знаходзіцца над сяродкрыжжам.
Сцены раскрапаваны пры дапамозе профіляў і лапатак. У канцы апсіды знаходзіцца фрэскавая[4][9] выява Бога Саваофа , на крыжавых скляпеннях на падпружных арках — арнаментальная размалёўка[1][4][9]. Над уваходам у царкву знаходзяцца хоры, адкрытыя арачным праёмам. На хоры вядзе лесвіца з тамбура[4][9]. Галоўны прастол у імя Уваскрэсення Хрыстова размешчаны ў апсідзе, па левы бок ад яго знаходзіцца прастол у гонар святога князя Уладзіміра, па правую ж — пасад у гонар святога князя Аляксандра Неўскага. Усе тры іканастасы зробленыя з дубу і з'яўляюцца неафарбаванымі. Галоўны з'яўляецца чатырох'ярусным з 24 абразамі, іканастасы з абодвух прыдзелаў — аднаярусныя з 10 абразамі кожны. Іх упрыгожваюць пазалочаныя калоны, разьба, рамы і карнізы[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 2007. — С. 40. — ISBN 978-985-11-0389-4.
- ↑ а б в г д е Кулагін А. М., Чарнатаў У. М. Васкрасенскі сабор // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Т. 1. — С. 53. — 284 с. — 8 000 экз.
- ↑ а б в Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 2007. — С. 39. — ISBN 978-985-11-0389-4.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к Чарнатаў У. М. Барысаўскі Васкрасенскі сабор // Архітэктура Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 70. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 2007. — С. 39—40. — ISBN 978-985-11-0389-4.
- ↑ История Архівавана 23 лістапада 2018. (руск.)
- ↑ а б Чарнатаў У. М. Барысаўскі Васкрасенскі сабор // Архітэктура Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 71. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Часам у якасці даты прыводзіцца 1913 год. Гл.: Гісторыя беларускага мастацтва / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.; Рэд. тома Л. М. Дробаў, П. А. Карнач. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — Т. 3: Канец XVIII — пач. XX ст.. — С. 285. — 448 с. — ISBN 5-343-00319-2.
- ↑ а б в г Кулагін А. М., Чарнатаў У. М. Васкрасенскі сабор // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Т. 1. — С. 54. — 284 с. — 8 000 экз.
- ↑ Гісторыя беларускага мастацтва / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.; Рэд. тома Л. М. Дробаў, П. А. Карнач. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — Т. 3: Канец XVIII — пач. XX ст.. — С. 285. — 448 с. — ISBN 5-343-00319-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Свята-Васкрасенскі сабор (Барысаў) на Вікісховішчы |
- Свята-Васкрасенскі сабор (Барысаў) на сайце Radzima.org
- Свята-Васкрасенскі сабор (Барысаў) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Васкрасенскі сабор (Барысаў) на сайце «Архіварта»